

Расея не спяшаецца выдаваць трэці транш крэдыту Беларусі
Еўразійскі банк развіцця лічыць заўчасным вылучэнне Беларусі трэцяга траншу крэдыту ЕўрАзЭС.
Аб гэтым заявіў начальнік аддзела сацыяльна-эканамічнай палітыкі ЕАБР Алішэр Мірзоеў, паведамляе ПРАЙМ-ТАСС .
Па ягоных словах, галоўная перашкода для гэтага - невыкананне Беларуссю абавязальніцтваў па зніжэнні ўзроўню фінансавання дзяржпраграм з эмісійных крыніц.
«У межах дзяржпраграм прадастаўляюцца вельмі ільготныя крэдыты эканоміцы. Гэта працягваецца на працягу некалькіх гадоў і з'яўляецца галоўнай прычынай пагаршэння дэфіцыту рахунку бягучых аперацый. Мы лічым, што менавіта гэта з'яўляецца галоўным механізмам раскручвання інфляцыйных і дэвальвацыйных працэсаў. Без сур'ёзнай карэкціроўкі гэтай палітыкі дамагчыся стабілізацыі ў эканоміцы будзе складана», - падкрэсліў прадстаўнік ЕАБР.
Алішэр Мірзоеў нагадаў, што гэты паказчык па ўмовах вылучэння Беларусі трэцяга траншу крэдыту павінен быць да канца 2011 года на ўзроўні 4% ВУП, у той час як ён склаў 4,5% ВУП.
«Яго невыкананне можа паўплываць на тэрміны прадастаўлення трэцяга траншу крэдыту АКФ. Магчыма, спатрэбіцца прыняцце дадатковых мер па стабілізацыі сітуацыі - за кошт іншых інструментаў прыйдзецца кампенсаваць невыкананне гэтага паказчыка», - дадаў прадстаўнік ЕАБР.
У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення ЕАБР Сяргей Шаталаў заявіў, што на дадзены момант АКФ і Беларусь вядуць тэхнічныя кансультацыі па трэцім траншы, таму «аб графіку пералічэння сродкаў казаць рана».
«Па шэрагу паказчыкаў цяпер яшчэ рана падводзіць канчатковыя вынікі. У прыватнасці, стабілізацыйная праграма ўрада мяркуе на момант прадастаўлення трэцяга траншу завяршэнне працэдур па перадачы няпрофільных актываў Нацыянальнага банка Беларусі ў дзяржаўную ўласнасць, уступленне ў дзеянне змяненняў у Банкаўскі кодэкс, якія ўзмацняюць незалежнасць Нацыянальнага банка, далейшыя крокі па павышэнні акупнасці ЖКГ і грамадскага транспарту», - распавёў намеснік кіраўніка ЕАБР.
Беларускія ўлады разлічваюць атрымаць ад ЕўрАзЭС трэці транш крэдыту ўжо ў лютым.







Леанід Злотнікаў: У бюджэце няма грошай на павышэнне заробкаў
У «Белавіі» нічога не ведаюць аб продажы кампаніі «Аэрафлоту»


Новости партнёров


















































